Прывітальнае слова
Мы рады вас вітаць на старонцы ініцыятывы па стварэнні Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта. Гэты праект падрыхтаваны вядомымі беларускімі даследчыкамі і навукоўцамі, у розныя часы атрымаўшымі забарону на прафесію ў Беларусі ці вымушанымі да міграцыі па палітычных матывах.
Наша мэта – стварэнне незалежнага цэнтра беларускіх даследаванняў і навучання, які б мог прэтэндаваць на тое, каб стаць пунктам паўставання новай беларускай Акадэміі.
Гэта важны крок для захавання і ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў перад выклікам рэгіянальных пагроз, а таксама рух у бок стварэння аднаго з важных цэнтраў трансляцыі ведаў пра Беларусь і звязаных з ёй даследаванняў скрозь менавіта беларускую прызму.
Канцэпцыя ўніверсітэта не мае непасрэднага палітычнага зместу і гэты праект не мае простай афіліяцыі ні з адной палітычнай структурай. Тым не менш, на фоне маштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і “крыміналізацыі” любой дзейнасці недзяржаўных інстытутаў гэты праект можа ўспрымацца “палітычна” на радзіме. Акрамя таго для сваёй рэалізацыі і ўстойлівага існавання ў будучым ён патрабуе супольных высілкаў дэмакратычных палітычных сіл і структур грамадзянскай супольнасці.
Разумеючы сваю грамадзянскую місію і падзяляючы еўрапейскія каштоўнасці як чыннік будучага развіцця нацыі і краіны, ініцыятыўная група па стварэнні Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта заклікае беларускія і міжнародныя арганізацыі да партнёрства ў прасоўванні гэтага важнага грамадскага пачынання.
Мы спадзяемся, што незалежны Беларускі нацыянальны даследчы ўніверсітэт, зарэгістраваны ў краіне ЕС, зможа стаць месцам для плённай супрацы людзей як у Беларусі, так і за яе межамі. Што ён стане важным крокам у падтрымку еўрапейскага выбару і дэмакратычнага развіцця беларусаў з боку міжнароднай супольнасці, дабрачынных арганізацый і заходніх палітыкаў.
Універсітэт – гэта супольная справа!
Пра праект
КАНЦЭПЦЫЯ СТВАРЭННЯ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА ДАСЛЕДЧАГА УНІВЕРСІТЭТА
Устойлівае развіццё любой нацыянальнай супольнасці ў значнай ступені залежыць ад крытычнага мыслення, сучасных навуковых даследаванняў і вышэйшай адукацыі. Сёння беларусы ў многіх сферах грамадства, у тым ліку ў палітычных арганізацыях, навуковых колах, арганізацыях грамадзянскай супольнасці і бізнеса, выказваюць моцную патрэбу ў вышэйшай навучальнай установе, якая б цалкам адпавядала іх нацыянальным інтарэсам.
Місія Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта — стварэнне прасторы для свабоднага нацыянальнага мыслення, заснаванага на прынцыпах акадэмічнай свабоды і еўрапейскіх каштоўнасцях, умацаванне беларускай ідэнтычнасці і традыцый мультыкультуралізму, арыентацыя на свабоднае і дэмакратычнае развіццё беларускага грамадства і максімальнае пашырэнне яго акадэмічнага, інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу.
Галоўным вынікам праекта стане кансалідацыя акадэмічнай і інтэлектуальнай супольнасці, інстытуцыяналізацыя беларускай мовы ў акадэмічных даследаваннях і вышэйшай адукацыі, стварэнне інтэлектуальнага цэнтра, здольнага стымуляваць інавацыйныя пераўтварэнні сістэмы адукацыі і грамадства ў цэлым, спрыяць пашырэнню дэмакратычных каштоўнасцяў і развіццю міжкультурнага дыялогу.
Установа будзе ўніверсітэтам з дэмакратычным кіраваннем, які забяспечвае роўныя правы і магчымасці для ўдзелу ў ім ўсім зацікаўленым бакам, уключаючы студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і донараў. Універсітэт будзе наладжваць цесныя партнёрскія адносіны з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і бізнес-асацыяцыямі. Развітыя ва ўніверсітэце дэмакратычныя структуры і працэдуры змогуць служыць узорам для рэформаў кіравання беларускай сістэмай вышэйшай адукацыі.
Універсітэт будзе праводзіць даследаванні, у якіх навуковая праца сканцэнтравана на нацыянальна актуальных пытаннях. Установа таксама будзе забяспечваць распаўсюджванне сваіх ведаў у еўрапейскай і сусветнай інфармацыйнай прасторы. Ён будзе імкнуцца да ўмацавання пазнавальнасці Беларусі і яе праблем у міжнароднай акадэмічнай, навуковай і экспертнай супольнасці.
Праграмы PhD і магістратуры будуць прапаноўвацца па шэрагу кірункаў навуковай дзейнасці, у той жа час магістарскія праграмы разглядаюцца як асноўная форма адукацыйнай дзейнасці універсітэта на пачатковым этапе. Прапанаваныя напрамкі даследаванняў і вывучэння: гісторыя, філасофія, паліталогія і міжнародныя адносіны, краязнаўства, беларуская мова і літаратура, сацыялогія, этналогія і антрапалогія, міжнароднае права, тэорыя адукацыі і кагнітыўныя навукі. Асноўная каманда будучых кафедраў будзе складацца з высокакваліфікаваных беларускіх акадэмікаў, але яна таксама дасць месца ўсім даследчыкам, якія займаюцца беларусістыкай.
Прафесарска-выкладчыцкая структура ўніверсітэта будзе эфектыўна аб’ядноўваць цэнтры і аддзелы з традыцыйнай прыналежнасцю да рэктарату і (паў-) аўтаномныя інстытуты і каледжы з вялікай адміністрацыйнай і фінансавай незалежнасцю.
Першапачатковае фінансаванне будзе паступаць з грантаў і філантропіі. На другім этапе будзе распрацавана бізнес-мадэль для забеспячэння доўгатэрміновай фінансавай устойлівасці за кошт платы за навучанне, грантаў на даследаванні, ахвяраванняў і фонда развіцця.
Універсітэт будзе зарэгістраваны ў адной з краінаў Еўразвязу, каб у будучыні перайсці ў нацыянальную адукацыйную прастору Беларусі.
Інфармацыя пра адкрыты ліст
Адкрыты ліст у падтрымку праекта Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта, падпісаны прадстаўнікамі міжнароднай акадэмічнай супольнасці:
Зваротная прамова Святланы ЦІханоўскай
на першай прэзентацыі ў падтрымку БНДУ 29.05.2024 (відэа/тэкст)
Кантактная інфармацыя
Мы звяртаемся да тых, хто зацікаўлены супрацоўнічаць з намі ў якасці партнёраў, патэнцыйных супрацоўнікаў ці прамоўтараў праекта і запрашаем пакідаць свае пытанні і прапановы праз нашу кантактную форму. Вялікі дзякуй за цікаўнасць да нашага праекта!
admin@by.university